Увосень 1943 года ў гэтым урадавым гатэлі з’явіўся незвычайны госць: сівы дзядок у зашмальцаваным паляшуцкім кажушку, прапаленых нагавіцах і стаптаных ботах, змазаных дзёгцем. Пакручаныя палеартрытам пальцы сціскалі смярдзючую люльку. Дзеда суправаджалі двое супрацоўнікаў НКВД. Прытым адзін абярэжна нёс падрапаны дзедаў чамадан, перацяты раскудлачанай вяроўкай, а другі з падкрэсленай павагай падтрымліваў старога пад локаць.
Фармуляр на новага пастаяльца запаўняў адзін з энкавэдэшнікаў. Адміністратарка, якую ўвогуле цяжка было нечым здзівіць, недаверліва перачытала запіс і сціпла ўдакладніла: маўляў, няўжо новаму пастаяльцу сапраўды дзевяноста дзевяць гадоў… можа, якая памылка?
-- У нас у НКВД ніколі не памыляюцца! – прымружыўся першы чэкіст.
-- Нумар дайце самы лепшы, з броні ЦК! І абавязкова з відам на Крэмль! – запатрабаваў другі.
Зляканая адміністратарка хацела было яшчэ нешта запытацца, але тут нечакана падаў голас дзіўны госць.
-- Тут табе, дзявуля, не воўкі пярдзяць, а людзі гавараць! – гаркнуў дзевяностадзевяцігадовы стары так, што крышталёвыя жырандолі ў фае злякана ценькнулі. – Нумар давай!
Не прайшло і гадзіны, як уся беларуская дыяспара, якая жыла на чацьвертым паверсе, ужо ведала, што ў “Маскву” засяліўся Васіль Ісакавіч Талаш. Той самы, які стаўся правобразам Дзеда Талаша ў знакамітай партызанская аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.
Для літаратурна-мастацкага бамонду БССР навіна гэтая была супаставімай хіба што з бамбёжкай гатэлю “Масква” сотняй “Юнкерсаў”. Бо ўсе выдатна разумелі, чаго можна ад гэтага паляшука чакаць.
Народны паэт Якуб Колас адразу прыгадаў, як Васіль Ісакавіч нахабна вымантачваў з яго частку ганарараў за “Дрыгву” – маўляў, аўтар без дазволу скарыстаў светлы Талашовы вобраз. Дзіцячы пісьменнік, а па сумяшчальніцтву і старшыня праўлення СП БССР Міхась Лынкоў яшчэ не забыўся пра скаргі, які дзед Талаш страчыў самалічна яму: аўтар “Дрыгвы” зламысна сфальшаваў мае партызанскія геройствы, бо насамрэч я паклаў не трох легіянераў-пілсудчыкаў, як той песняр схлусіў, а цэлых пяць. Спявачка Ларыса Александроўская добра памятала, як на адным урадавым канцэрце пушчанскі дзед зароў на ўвесь Оперны тэатр, указваючы на яе дэкальтэ – “у цябе, дзявуля, сукня падраная!” Празаіку Кузьме Чорнаму таксама было што сказаць, але восемь месяцаў, праведзеных у мінскай турме НКВД, прывучылі яго ніколі і ніякія згадкі не агучваць.
Увечары выбітныя дзеячы культуры збіраюцца ў нумары Міхася Лынькова. Ранейшае спакойнае жыццё скончылася; ад Васіля Ісакавіча ў кожны момант можна чакаць неверагодных выбрыкаў і брутальных неспадзяванак. Так што трэба думаць, як цяпер жыць з народным героем пад адным дахам. Настрой звышпаганы, і нават армянскі канняк з рэстарацыі “Масквы” не дапамагае яго падвысіць.
Першым, як і мае быць па рангу, выказваецца Якуб Колас. І выказваецца ён у тым сэнсе, што нашыя палешукі – людзі страшныя. Першае слова ў іх не “мама”, а “дай”, а слова “вазьмі” яны ўвогуле не ведаюць. Рана ці позна Васіль Ісакавіч пачне і ў Маскве больш належнага патрабаваць. Што тады пра нас, беларусаў, падумаюць партыя, урад і асабіста таварыш Сталін? Падвядзе нас усіх пад манастыр!
Ларыса Александроўская тужліва ўздыхае. Маўляў, да нашага берага нічога добрага не прыплыве: то трэска, то гаўно. Сядзеў бы стары ў сваіх лясах, дык не – у Маскву прывезлі! І нашто ён тут спартрэбіўся?
Міхась Лынькоў, чалавек абазнаны ў літаратурна-партыйным будаўніцтве, дзелавіта адказвае, нашто. Дзед Талаш – наша беларускае ўсё. Такога каларытнага прыгажуна не сорамна і ў “Хроніцы дня” паказаць. А то і прадэманстраваць якой дэлегацыі саюзнікаў: пакуль вы з Другім форнтам марудзіце, у нас нават стогадовыя ваююць! Таму і даставілі дзеда ў Маскву па асабістым загадзе таварыша Панамарэнкі, акурат з партызанскага аэрадрома на Любаншчыне. А ў партызаны, між іншым, Талаш ісці не хацеў, яго туды падпольны гаркам абяцанкамі заманіў: маўляў, атрымаеш пасля перамогі гектар пакосу…
Кузьма Чорны злякана паказвае вачыма то на электрычную разетку, то на жырандолю: забыліся, што ў “Маскве” нават у сценаў ёсць вушы? Тут нядаўна адзін народны паэт таксама лішняе нападпітку трымцеў, дык потым выпадкова са сходаў зваліўся… Дагаворыцесь!
Размова доўжыцца да самое ночы, але ані стратэгія, ані тактыка далейшага жыцця нешта не выпрацоўваюцца. Нават канняк не ідзе – так і застаецца ў пляшцы.
А Васіль Ісакавіч тым часам вельмі хутка засвойваецца ў элітнай “Маскве”. З вясковай непасрэднасцю шчыпліць за дупы маладых пакаёвак. Гаспадарчым вокам прыглядаецца да багатага гатэльнага рыштунку – маўляў, а як гэта можна ў пушчах Палесся скарыстаць? І ўвесь час нешта патрабуе і патрабуе. У адміністратаркі – чайнік, у пакаёўкі – мыла, у заўгаса – анучы на парцянкі… Але ж сам, паскуда сквапная, ніколі нікому нічога не дае, нават калі нейкую драбязу просяць. Увесь гатэль бачыў, як адзін заслужаны генерал ў старога прыкурыць папрасіў, дык Талаш яму адразу: “Смалы табе з каланіцы! Свой агонь трэба мець!..”
Гатэльны люд паглядае на народнага мсціўцу ніякавата. Але запярэчыць баіцца. Усе разумеюць: адно слова ўпоперак – і зухаваты дзядок іх проста па сценцы размажа. А яшчэ разумеюць, што з такім народам нам аніякія акупанты не страшныя. Гэта сёння палешук нашаму генералу ў агні адмовіў. А што будзе, калі ў яго прыхадзень-фрыц запатрабуе “млека-яйкі-шнапс”? Хана ўсяму Вермахту…
Тым часам партызан засвойвае новыя тэрыторыі. У нумары ён нудзіцца. А таму штораніцы сядае ў сваіх этнаграфічных трантах проста на ганак “Масквы”, распальвае смярдзючую люльку і аглядае краявіды. На Манежнай, акурат насупраць гатэлю, стаіць міліцыянт-рэгуліроўшчык ў доўгім скураным плашчы. І з кожным разам гэты міліцыянт цікавіць дзядка ўсё больш і больш.
Нарэшце Васіль Ісакавіч выбівае люльку аб ганак, падымаецца і рашуча ідзе да рэгуліроўшчыка.
-- Слухай, сынок, -- мружыцца паляшук на крамлёўскую сцяну. – Мне сказалі, што за гэтым зубчастым парканам сам таварыш Сталін жыве. Дык скажы яму, што я вельмі хачу з ім сустрэцца!
-- Таварыш Сталін цяпер сапраўды ў Крамлі, -- падкрэслена ветліва адказвае праінструктаваны міліцыянт. – Але цяпер ён моцна заняты. Так што ідзі лепш, Васіль Ісакавіч, у свой нумар!
-- Служы пану верна, дык ён табе пердне! – разгублена выдыхае стары. – І ўсё ж, як пабачыш таварыша Сталіна – дык перадай маю просьбу!
Наступным днём у ганка гатэля “Масква” спыняецца доўгі чорны легкавік, з каторага выходзіць двое чакістаў. Тых самых, якія і прывезлі Васіля Ісакавіча ў гатэль. Твары ў іх суворыя і засяроджаныя. Сінхронна трапляючы ў ногу, чакісты нетаропка падымаюцца сходамі на чацьверты паверх. Адзін, як і мае быць па інструкцыі, становіцца злева ад Талашовага нумара, другі афіцыйна грукаецца ў дзверы.
-- Грамадзянін Талаш Васіль Ісакавіч! – крамлёўскімі курантамі разносіцца па гудкім гатэльным калідоры. – Імём таварыша Сталіна загадваю вам неадкладна адчыніць!..
Старога пад спачувальныя позіркі гатэльнай публікі цягнуць да страшнага легкавіка, і той хуценька адяжджае ад гатэля ў невядомым кірунку.
Па хуткім часе ў Міхася Лынькова збіраюцца ўсе беларускія паэты-пісьменнікі-артысты. Тое, што былы партызан, а цяпер выкрыты вораг народа Талаш В. І. ужо на Лубянцы, ні ў каго сумневу не выклікае. І яго прызнанне ў падрыхтоўцы замаху на жыццё таварыша Сталіна – справа часу і следчай тэхнікі. Давыёжваўся, стары перд! Давымантачваўся, жадоба паляшуцкая! Не, каб у сваім нумары чарку паціху куляць ды пакаёвак за цыцкі мацаць – у Крэмль яму захацелася! Так што цяпер усёй беларускай інтэлігенцыі за гэтага смярдзючага дзядка адна дарога -- у ГУЛАГ.
Якуб Колас ліхаманкава прыкідае, якія паперы яму трэба спаліць. Міхась Лынькоў упарта спрабуе датэлефанавацца таварышу Панамарэнку – маўлаў, наш народны герой самастойна з глузду з’ехаў, мы яго ні на што не падбухторвалі! Ларыса Александроўская прафесійна і разважліва складае будучы рэпертуар для лагернай самадзейнасці. І толькі Кузьма Чорны надзіва спакойны; ён чалавек дасведчаны, ніякіх залішніх папераў у яго няма, затое турэмны чамаданчык даўно ўжо сабраны і пад ложкам стаіць.
Раптам расчыняюцца дзверы, і ў нумар увальваецца дзед Талаш. У зубах у яго смярдзючая люлька, у руках – грувасткая валіза, а ў вачах – праўдзівае шчасце.
-- Дзе быў, Васіль Ісакавіч? – перадінфарктным голасам пытаецца Якуб Колас. – У эн-ка-вэ-дэ?
-- На хера яны мне здаліся? – незалежна ніжа плячыма стары. – Я быў на прыёме ў таварыша Сталіна.
-- Што ты там рабіў? – надзіва роўна удакладняе Міхась Лынькоў.
-- Як гэта што? – яшчэ больш незалежна здзіўляецца дзед Талаш. – Гаварыў з ім! То ж я ведаю, як з панамі правільна размаўляць!.. Спярша кажу: неадкладна выпраўляй, меня, таварыш Сталін, ў нашыя партызанскія лясы, гітлерцаў паганых біць! А таварыш Сталін у адказ: не магу, Васіль Ісакавіч, ты сваё яшчэ ў мінулую вайну з белапалякамі адваяваў, адпачывай лепш тут! А каб табе лепш адпачывалася, прасі ў мяне, што хочаш!
-- І што, – жахаецца Ларыса Александроўская, -- ты ў самаго таварыша Сталіна.. нешта прасіў?
-- Вядома ж, так! – пацвярджае паляшук цынічна і самазадаволена. -- Кажу: дай мне, таварыш Сталін, вельмі доўгі скураны плашч.
З гэтымі словамі дзед расшпільвае валізу, з сярэдзіны каторай спрэсаванай чорнай ікрой сапраўды блішчыць нешта скураное і шляхотнае.
У пакоі адбываецца маўчанне. Беларуская савецкая інтэлігенцыя недаверліва хаўкае на падарунак, які шкодны дзед пераможна дэманструе прысутным. Сітуацыя абсалютна фантасмагарычная: у Беларусі -- немцы, у Крамлі – Сталін, а ва ўрадавым гатэлі стогадовае пушчанскае дзіцё пахваляецца чарговым здабыткам.
І тут нарэшце не вытрымлівае памяркоўны і талерантны Кузьма Чорны:
-- А навошто табе, дзед, у тваіх пушчах Палесся такая рэч?
-- Як гэта навошто! – шчыра здзіўляецца Дзед Талаш. – Ды хіба не разумееце, што ніз таго плашча можна адрэзаць і добрыя боты пашыць, а з астатняга спраўная куртка атрымаецца!